У нядзелю 30 чэрвеня Бельгія завяршае шасцімесячнае старшынства ў Еўрапейскім Саюзе. З панядзелка стырно кіравання Супольнасцю возьме Венгрыя. Менавіта з-за венгерскага старшынства ішла гонка з часам, каб узгадніць шматлікія пытанні па Украіне і не пакінуць іх уладам у Будапешце, вядомым сваёй прарасійскасцю.
Некалькі дзён таму прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падзякаваў Бельгіі за лідарства, калі ЕС пачаў перамовы аб сяброўстве з Украінай. Падчас бельгійскага старшынства таксама была дадзена згода на прадстаўленне Украіне дадатковага фінансавага пакета ў памеры 50 мільярдаў еўра да 2027 года плюс 5 мільярдаў еўра ваеннай падтрымкі.
«13-ы і 14-ы пакет санкцый супраць Расіі ўзгоднены», — падкрэсліў прэм'ер-міністр Бельгіі Аляксандр дэ Кру. Ён таксама згадаў, сярод іншага, пагадненне аб перадачы Украіне прыбытку ад актываў Цэнтрабанка Расіі, замарожаных пад санкцыямі ЕС.
«Выключна паспяховае прэзідэнцтва. Палітычныя дамоўленасці былі дасягнуты больш чым па 45 пытаннях», — заявіла прэзідэнт Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен. Гэта тычыцца пашырэння Зялёнага курсу, паслаблення экалагічных патрабаванняў у сельскай гаспадарцы да цыфрызацыі, сацыяльных і прамысловых пытанняў.
ПР/юл